EnglishFrenchGermanSpainItalianDutchRussianPortugueseJapaneseKorean ArabicChinese Simplified

28 мая 2011 г.

Кафка “саспеў” / статья о спектакле "Превращение" в газете "Культура"


Кафка “саспеў”

“Ператварэнне” на мове візуальных метафар
/i/content/pi/cult/324/5818/pic_26.jpg
Карпатлівая работа айчынных лялечнікаў у справе давядзення да шырокіх глядацкіх мас даўняй ідэі аб тым, што тэатр лялек - не адно толькі дзіцячая забава, апошнім часам набывае ўсё большыя "абароты". І на фоне таго, як беларускія драматычныя тэатры ўсё настойлівей скіроўваюць свае позіркі ў бок "лёгкага", забаўляльнага, матэрыялу, лялечнікі, наадварот, робяць стаўку на сур'ёзную, канцэптуальную драматургію, пакліканую заглыбіць гледача ў свет інтэлектуальных разважанняў. І новы спектакль "Ператварэнне" паводле знакамітага апавядання Франца Кафкі, паказаны гродзенскімі лялечнікамі на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, - яскравае таму пацвярджэнне.



Для рэжысёра спектакля Алега Жугжды "Ператварэнне" Кафкі - матэрыял не выпадковы. Па яго словах, ён думаў пра яго даўно, "падбіраючыся" праз доўгія разважанні, канцэртныя нумары "па матывах"... І вось нарэшце - "саспеў" для паўнавартаснай пастаноўкі. Спектакль атрымаўся атмасферны, як гэта бывае ва ўсіх пастаноўках Жугжды, аднак за гэтым зусім не "змазалася" сама гісторыя, расказаная Кафкам, хоць тэксту ў класічным яго разуменні ў ім няма: тыя некалькі рэплік, якія гучаць з вуснаў персанажаў у час спектакля, нясуць не столькі інфармацыйную, колькі эмацыйную афарбоўку. І, як у свой час у Купалавай "Паэме без слоў", у "Ператварэнні" Кафкі тэатр зноў "размаўляе" з гледачамі на мове эмоцый і візуальных метафар.

Структураўтваральным элементам пастаноўкі становіцца рытуалізацыя будзённага жыцця галоўнага героя, якая ператвараецца ў своеасаблівы механізаваны ланцуг рухаў, жэстаў, стасункаў і сацыяльных праяў, абсалютна пазбаўленых эмацыйнага падключэння з боку самога персанажа. Ранішні пацалунак сваіх родных і чарговы трупік таракана, прынесены ў ахвяру дэманстрацыі найноўшага інсектыцыднага сродку, здаецца, існуюць асобна ад яго самога, хоць матэрыяльна ён і прысутнічае ў цэнтры падзей. Аднак сам герой, працягваючы тэму "маленькага чалавека", існуе нібыта ў іншым вымярэнні, так што неабходнасць час ад часу пацвярджаць сваё "матэрыяльнае" быццё яго адно толькі раздражняе. Мілы і безабаронны ў першыя хвіліны спектакля, ён, выклікаючы спагаду і шкадаванне да сябе з боку нас, гледачоў, прыносіць у ахвяру ўласнае жыццё сваім родным, уваскрашаючы спрадвечную тэатральную ідэю ўзаемазалежнасці лялькі і акцёра. Калі Грэгар, якога ў жывым плане іграе Віталь Лявонаў, становіцца не проста ахвярай, а аб'ектам маніпуляцый з боку лялек (Наталля Дацэнка, Ларыса Мікуліч, Дзмітрый Гайдэль), свет пераварочваецца, выяўляючы ўсю хісткасць і амбівалентнасць уласнага існавання.

Ключавая сцэна - ператварэнне Грэгара Замзы ў насякомае - вырашаецца надзвычай простымі, можна нават сказаць, прымітыўнымі сродкамі: цалкам раптоўна ў акцёра пад прасцінай, якой ён накрываецца пад час сну, распачынаецца надзвычайнае варушэнне, і гэтае "жыццё", бы ў фільмах жахаў, настойліва патрабуе для сябе прасторы, імкліва стараецца вырвацца вонкі. Такі немудрагелісты прыём, увасабляемы акцёрамі на вачах гледачоў, і стварае адчуванне папраўдзе жывёльнага жаху: акурат ад той прастаты, з якой адна рэальнасць увачавідкі ператвараецца ў цалкам іншую, новую - нечаканую і абсалютна небяспечную.

 І раптам кафкіянскія матывы зноў вяртаюць нас да "гогалеўшчыны", узмоцненай і ўзведзенай у своеасаблівы абсалют: герой аказваецца больш не здольным выконваць свой будзённы рытуал, а значыць - і заставацца часткай таго самага соцыуму, якому ён прынёс сябе ў ахвяру. Заканамерным і абсалютна лагічным, з пункта гледжання астатніх герояў спектакля (акурат гэтая спакойнасць і безэмацыйнасць, якая была ахоўнай "бронекамізэлькай" для ўласнага ўнутранага свету Грэгара, цяпер абарочваецца бясстраснай знішчальнай сілай), становіцца працэс ачышчэння будзённа-жыццёвага рытуалу ад усіх і ўсяго, што замінае яго звыкламу ходу. Іншымі словамі - тры струмені сродку ад насякомых, дружна і арганізавана скіраваныя акурат у Грэгара, уяўляюць з сябе адзінае лагічнае выйсце з сітуацыі. Жахліва? Але толькі для тых, хто ў гэты момант знаходзіцца ў зале ў ролі гледачоў. Іншыя ж, тыя, хто фігураваў на сцэне ў вопратцы дэзінсектараў, проста - выканалі сваю справу, безэмацыйную і важную.

На здымку: сцэна са спектакля "Ператварэнне".
Фота з архіва тэатра
Источник: Газета "Культура"

0 коммент.:

Отправить комментарий